ПАМЫ́ЛАК ТЭО́РЫЯ,
раздзел матэматычнай статыстыкі, дзе разглядаюцца праблемы колькаснай ацэнкі невядомых велічынь па выніках вымярэнняў. Асн. задачы: адшуканне законаў размеркавання выпадковых памылак (гл. Размеркаванне ў тэорыі імавернасцей), знаходжанне ацэнак вымераных велічынь па выніках вымярэнняў, вызначэнне хібнасцей такіх ацэнак і выключэнне грубых памылак.
У П.т. адрозніваюць сістэматычныя, грубыя і выпадковыя памылкі. Сістэматычныя памылкі пастаянна павялічваюць (памяншаюць) вынікі вымярэнняў і вынікаюць з розных прычын (напр., з-за няправільнай устаноўкі вымяральных прылад, уплыву навакольнага асяроддзя). Ацэнкі такіх памылак праводзяцца метадамі, якія выходзяць за межы матэм. статыстыкі. Грубыя памылкі ўзнікаюць у выніку праліку, няправільнага чытання паказанняў вымяральнай прылады і інш. Вынікі вымярэнняў з такімі памылкамі адрозніваюцца ад інш. вынікаў і звычайна добра адметныя. Выпадковыя памылкі абумоўлены рознымі выпадковымі прычынамі і пры кожным вымярэнні непрадбачаным чынам вядуць да павелічэння ці памяншэння яго вынікаў. Такія памылкі трактуюцца як выпадковыя велічыні і, калі іх размеркаванне блізкае да нармальнага, тады найлепшыя ацэнкі невядомых велічынь дае найменшых квадратаў метад.
т. 12, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)